Вуліца Гагарына
Вуліца Гагарына першапачаткова абазначалася на плане мястэчка Развадова як Уладзіміраўскі завулак. Ён знаходзіўся ў межах сучасных вуліц Брэсцкай і Камсамольскай. Праз некаторы час завулак быў перайменаваны ў вуліцу Уладзіміраўскую. Аб гэтым згадваецца ў газеце “Барановичскій Листокъ объявленій” за 1912–1913 гады. Вуліца павялічыла сваю працягласць да сучаснай вуліцы Міцкевіча. У гады польскай улады вуліца мела назву Віленьска. З 1939 па 1961 гады называлася Віленская. 12 красавіка 1961 года вуліцы прысвоена імя касманаўта Юрыя Гагарына, які здзейсніў першы ў гісторыі чалавецтва арбітальны касмічны палёт.
Юрый Аляксеевіч Гагарын нарадзіўся 9 сакавіка 1934 года ў сяле Клушына Смаленскай вобласці (Расія). Скончыў авіяцыйнае вучылішча ў г. Арэнбургу (1957), Ваенна-паветранную інжынерную акадэмію імя Жукоўскага (1968). Служыў лётчыкам-знішчальнікам ваенна-паветранных сілаў. З 1960 года ў атрадзе савецкіх касманаўтаў, у 1961–1964 гады яго камандзір, потым намеснік начальніка Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў. 12 красавіка 1961 года ажыццявіў палёт вакол Зямлі на караблі “Усход” працягласцю 108 мінут. 14 красавіка 1961 года Ю. А. Гагарыну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. 27 сакавіка 1968 года Гагарын загінуў у авіяцыйнай катастрофе, выконваючы трэніровачны палёт на самалёце МіГ-15УТЗ пад кіраўніцтвам інструктара У. С. Сярогіна, паблізу вёскі Навасёлава Кіржачскага раёна Уладзімірскай вобласці. Ю. А. Гагарын узнагароджаны залатым медалём К. Э. Цыялкоўскага, Акадэміі навук СССР, Вялікім залатым медалём Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі і інш. Яго імя прысвоена Ваенна-паветранай акадэміі, гораду Гжацку Смаленскай вобласці, раёнам, бульварам, вуліцам, праспектам, плошчам.
Сёння вуліца Гагарына пачынаецца ад вуліцы Брэсцкай і працягваецца да вуліцы Курчатава. На перакрыжаванні з вуліцай Брэсцкай знаходзіцца былы міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат. Калісьці тут размяшчалася першая ў Баранавічах гімназія імя Т. Рэйтана, вайсковага і палітычнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага, ураджэнца сядзібы Грушаўка Ляхавіцкага раёна. Нягледзячы на тое, што вуліца мае невялікую працягласць, тут знаходзіцца шмат устаноў, якія адыгрываюць важную ролю ў паўсядзённым жыцці гараджан. Гэта гарадскі суд, радзільны дом, парк імя 30-годдзя УЛКСМ, турыстычнае агенцтва “Гулівер”, гасцініца “Камсамольская”, гарадская медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія, магазін “Падарункі” і гандлёвы цэнтр “Атрыум”, баранавіцкі філіял ААТ АЗБ “Беларусбанк”, спартыўны комплекс “Атлант”, дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Баранавіцкі лясгас”, баранавіцкае радыё, аўтаагрэгатны завод, дзіцячы сад № 30 і Палац дзіцячай творчасці.




