У 1884 годзе ўзнікла новая станцыя Баранавічы-Палескія, вакол якой праз некаторы час вырасла паселішча, атрымаўшае назву Новыя Баранавічы. З’явіліся і новыя вуліцы. Вуліца Казакова ў 1920-1930-я гг. мела назву Пенкна, а з 1939 года па 1942 год Пенкная. У пасляваенны час і да ліпеня 1986 года называлася Крошынскай. 22 ліпеня 1986 года вуліца Крошынская была перайменавана ў вуліцу імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Ільіча Казакова.
Аляксандр Ільіч Казакоў нарадзіўся 9 сакавіка 1900 года ў г. Харкаў у сям’і рабочага. З чатырнаццаці гадоў працаваў па наёму. У сямнаццаць год пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях супраць інтэрвентаў і белагвардзейцаў у гады Грамадзянскай вайны. Пасля звальнення з арміі працаваў інспектарам у фінансавых органах г. Харкава. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны А. І. Казакоў – на фронце. Чатыры разы быў паранены і кожны раз пасля выздараўлення вяртаўся на фронт. У аперацыі “Баграціён” удзельнічаў у складзе 2-й гвардзейскай зенітна-артылерыйскай дывізіі, будучы камандзірам узвода зенітных кулямётаў 306-га гвардзейскага палка малакалібернай зенітнай артылерыі. 6 ліпеня 1944 года падчас боя каля в. Вялікія Жухавічы Карэліцкага раёна А. Казакоў знішчыў амаль узвод гітлераўцаў. У баю за г. Баранавічы ён разам са сваімі кулямётчыкамі змагаўся на паўночнай ускраіне горада. Тут яму прыходзілася весці агонь па паветраных і наземных мэтах. Толькі 8 і 9 ліпеня зенітчыкамі было збіта 8 самалётаў ворага. За паспяховыя баявыя дзеянні 2-й гвардзейскай зенітна-артылерыйскай дывізіі было прысвоена ганаровае найменне “Баранавіцкая”. 5 мая 1946 года А. І. Казакову за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Пасля ўключэння вёскі Жлобін у мяжу горада вуліца павялічыла сваю працягласць. Сёння вуліца Казакова бярэ пачатак ад вуліцы Фралянкова і цягнецца да вуліцы Гаевай, якая выходзіць да Жлобінскага возера. Вуліца забудавана прыватнымі дамамі.




