З плана мястэчка Развадова, заснаванага ў 1884 годзе графам Янам Развадоўскім, мы даведваемся пра назвы яго вуліц і завулкаў. Цяперашняя вуліца Прытыцкага першапачаткова была вядома як Васільеўскі завулак, праз некаторы час – вуліца Васільеўская. З 1920-х па 1970-я гады яна насіла назву Мінская, якую атрымала, магчыма, дзякуючы Мінскаму пераезду Маскоўска-Брэсцкага напрамку чыгункі, адкуль бярэ свой пачатак. У верасні 1971 года вуліца была перайменавана ў гонар С. В. Прытыцкага, дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Беларусі, аднаго з арганізатараў камсамольскага падполля і партызанскага руху на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Сяргей Восіпавіч Прытыцкі нарадзіўся 1 лютага 1913 г. у в. Гаркавічы Падляскага ваяводства (Польшча). У 1932 – 1939 гг. – у партыйным падполлі Заходняй Беларусі. У 1944 – 1945 гг. – начальнік Польскага штаба партызанскага руху. З 1948 г. – 1-ы сакратар шэрагу абкомаў КП Беларусі (у тым ліку Баранавіцкага – 1953 – 1954 гг.). У 1962 – 1968 гг. – сакратар ЦК КП Беларусі. З 1968 – 1971 гг. – старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Член ЦК КПСС з 1961 г. Памёр 13 чэрвеня 1971 г.
Сённяшняя вуліца Прытыцкага таксама пачынаецца з Мінскага пераезду і, праходзячы праз цэнтральную частку горада, заканчваецца ў раёне вуліцы Вішнёвай.
З будаўніцтвам Паўднёвага мікрараёна павялічылася працягласць вуліцы, змянілася яе аблічча. У старой частцы вуліцы пераважаюць дамы прыватнай забудовы, а новую яе частку ўпрыгожваюць сучасныя шматпавярховыя будынкі. Вуліца Прытыцкага па-ранейшаму адыгрывае важную ролю ў жыцці гараджан. Тут знаходзяцца музычная школа № 1 (былая сярэдняя школа № 1), дзіцячае кафэ “Ванька-Устанька”, парк імя 30-годдзя УЛКСМ, спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву № 2 па лёгкай атлетыцы, дзіцячы сад № 45, кааператыўны рынак са шматлікімі гандлёвымі ўстановамі, аўтаагрэгатны завод, філіял ААТ АЗБ “Беларусбанк”.




