З плана мястэчка Развадова мы даведваемся пра першыя назвы вуліц, якія даваліся ў гонар родных і блізкіх графа Развадоўскага. Так, вуліца Графская атрымала сваю назву ад тытула ўладальніка мястэчка. Згодна з планам на гэтай вуліцы адводзіліся два месцы для праваслаўнага і каталіцкага храмаў. Праваслаўны храм быў пабудаваны ў 1908 годзе. У 1915 годзе ў памяць аб знаходжанні ў Баранавічах Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага да храма былі прыбудаваны два прыдзелы. У 1921 годзе падчас велікоднага богаслужэння храм згарэў. Пасля гэтага было прынята рашэнне аб яго ўзнаўленні. У жніўні 1924 года адбылося ўрачыстае асвячэнне закладкі цаглянага храма, будаўніцтва якога было завершана ў 1931 годзе. Перад святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы храм быў асвечаны, і з таго часу царкоўная служба ў ім не перапынялася. Архітэктура храма ўпрыгожана ўнікальнымі мазаічнымі пано, перавезенымі ў Баранавічы з Аляксандра-Неўскага сабора ў Варшаве. Менавіта мазаічная кампазіцыя Пакроўскага сабора надае яму непаўторны мастацкі вобраз.
Доўгі час царскія ўлады не дазвалялі будаўніцтва каталіцкага храма. Толькі ў ліпені 1923 года быў арганізаваны камітэт па яго будаўніцтву. Асвячэнне касцёла Узвіжання Святога Крыжа адбылося 18 кастрычніка 1925 года. Служба ў ім вядзецца і сёння.
З цягам часу мянялася назва вуліцы. Падчас польскай улады яна насіла імя Тадэвуша Галуўкі – дзяржаўнага дзеяча Польшчы. З 1940 года за вуліцай замацавалася назва Касцёльная. Са снежня 1945 года вуліца атрымала сваю канчатковую назву ў гонар Валяр’яна Куйбышава (1888–1935) – рэвалюцыянера, савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча.
Вуліца Куйбышава бярэ свой пачатак ад вуліцы Брэсцкай і працягваецца да вуліцы Вішнёвай. На ёй размешчаны: баранавіцкае аддзяленне Белдзяржстраху, станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, гарадская дзіцячая бальніца, вучэбна-метадычны кабінет гарадскога аддзела адукацыі (былая сярэдняя школа № 5), міжраённая ветэрынарная лабараторыя, КУВП “Кветкі” (былы Зеленгас), могілкі (адно са старэйшых захаванняў горада – каталіцкае і яўрэйскае).




