Вуліца Грыцаўца
Гэта невялічкая, утульная, спакойная вуліца з аднапавярховымі дамамі прыватнай забудовы. Пачынаецца ад вуліцы Брэсцкай і працягваецца да вуліцы Чарнышэўскага. Адна са старэйшых вуліц горада. Спачатку яна насіла назву Лясны завулак. З 1921 па 1951 гады называлася Сасновай. 24 мая 1951 года было прынята рашэнне перайменаваць вуліцу ў гонар ураджэнца Баранавіцкага раёна, двойчы Героя Савецкага Саюза С. Грыцаўца.
Сяргей Іванавіч Грыцавец нарадзіўся 6 ліпеня 1909 года ў в. Бараўцы Баранавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны сям’я Грыцаўцоў у ліку іншых бежанцаў апынулася на станцыі Шуміха Чалябінскай вобласці. Пасля заканчэння сямігодкі Сяргей працаваў слесарам на Златаустаўскім механічным заводзе. Яго даўняя мара пра неба і самалёты здзейснілася ў 1932 годзе, калі ён скончыў Арэнбургскую ваенную школу лётчыкаў, а ў 1936 годзе — Адэскую школу паветранага бою. Мужнасць С. Грыцаўца, высокае лётнае майстэрства асабліва поўна раскрыліся ў час баёў у Іспаніі. Тут ён збіў 30 фашысцкіх самалётаў, у тым ліку 7 за адзін дзень. У лютым 1939 г. за выкананне спецыяльнага задання ўрада і інтэрнацыянальнага абавязку старшы лейтэнант С. Грыцавец быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. У 1939 годзе лётчык змагаўся супраць японскіх войск на рацэ Халхін-Гол у Манголіі, дзе збіў 12 самалётаў праціўніка. Тут ён здзейсніў бяспрыкладны ў авіяцыі подзвіг — на вачах у ворага выратаваў камандзіра авіяпалка. За гэта яму ў другі раз прысвоена званне Героя СССР. С. Грыцавец загінуў 16 верасня 1939 года ў авіякатастрофе каля пас. Балбасава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Першаму двойчы Герою СССР С. Грыцаўцу пастаўлены помнікі ў Мінску, Баранавічах, Оршы, Балбасаве, Моўчадзі Баранавіцкага раёна.




