Вуліца Халасцякова
“Я горжусь тем, что являюсь сыном белорусского народа, народа красивого, с большой человеческой душой и сердцем, умного и трудолюбивого”.
Г. М. Халасцякоў
У памяці нашага горада заўсёды будуць жыць імёны людзей, якія пакінулі след у яго гісторыі. У слаўнай плеядзе нашых землякоў пачэснае месца займае Георгій Мікітавіч Халасцякоў.
Нарадзіўся Г. М. Халасцякоў 20 ліпеня 1902 года ў г. Баранавічы ў сям’і чыгуначніка. Жыла сям’я на Каўказскай вуліцы (пазней – вуліцы Каперніка, сёння – вуліца Халасцякова). Георгій Мікітавіч скончыў Баранавіцкае народнае царкоўна-прыходскае вучылішча. У 13 гадоў пайшоў працаваць на лесазавод, але ў хуткім часе сям’і прыйшлося пакінуць Баранавічы. У 16 гадоў уступае ў камсамол і ідзе дабравольцам на фронт абараняць маладую рэспубліку Саветаў. Напрыканцы 1921 года быў накіраваны на Балтыйскі флот. З таго часу звязаў жыццё з флотам, прайшоўшы шлях ад матроса да віцэ-адмірала. Скончыў Вышэйшае ваенна-марское гідраграфічнае вучылішча, а потым Ваенную акадэмію генштаба. У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў Новарасійскай ваенна-марской базай, Азоўскай і Дунайскай рачнымі флатыліямі, удзельнік абароны Крыма, Каўказа, вызвалення Балгарыі, Румыніі, Югаславіі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі. Вызначыўся ў Новарасійскай наступальнай аперацыі 1943 года. Мае ўзнагароды: тры ордэна Леніна, тры ордэна Чырвонага Сцяга, ордэн Суворава І-й ступені, два ордэна Ушакова І-й ступені, ордэн Вялікай Айчыннай вайны І-й ступені, 15 ордэнаў замежных краін. Герой Савецкага саюза (1965).
Пасля вайны – на камандных пасадах у ВМФ, апараце Міністэрства абароны СССР. Знаходзячыся на пенсіі, праводзіў вялікую работу па ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі. Аўтар кнігі мемуараў “Вечны агонь”. Ганаровы грамадзянін г. Баранавічы. Часта бываў у родным горадзе, сустракаўся з моладдзю, выступаў на мітынгах, у школах, на прадпрыемствах, воінскіх часцях. Сярэдняя школа №9 носіць імя славутага земляка.
У 1985 годзе Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб перайменаванні вуліцы Каперніка. Сёння яна носіць імя славутага флатаводца, Героя Савецкага Саюза Г. М. Халасцякова.




