pcpi6

Вуліца Таўлая

1.jpg
Валянцін Паўлавіч  Таўлай.
1.jpg
2.jpg
3.jpg
4.jpg
5.jpg
6.jpg
7.jpg

 

       31 сакавіка 1971 года  адна з новых вуліц ва ўсходняй частцы  горада атрымала імя беларускага паэта, нашага земляка Валянціна Паўлавіча Таўлая.

 

       Валянцін Таўлай нарадзіўся 8 лютага 1914 года  ў г. Баранавічы ў сям’і чыгуначніка. Маленства правёў на радзіме бацькі ў в. Рудаўка Слонімскага раёна  Гродзенскай вобласці. Бацька В. Таўлая быў вядомым у ваколіцы актывістам Грамады – масавай палітычнай арганізацыі нацыянальна-вызваленчага руху. Свае ідэі бацька імкнуўся перадаць сыну.

 

       У 1925 годзе пасля заканчэння польскай пачатковай школы Таўлай паступае ў Польскую настаўніцкую семінарыю ў Слоніме. На другі год вучобы ён быў выключаны з яе за нежаданне адмовіцца ад беларускай нацыянальнасці. У 1927 годзе будучы паэт паступае ў трэці клас Віленскай беларускай гімназіі. У 1929 годзе за ўдзел у кіраўніцтве студэнцкай забастоўкай пратэсту супраць фашызацыі гімназіі быў выключаны са школы. За падпольную  камсамольскую дзейнасць арыштаваны і зняволены ў слонімскую турму, потым у гродзенскі астрог. З 1930 па 1932 гады жыве ў Мінску, дзе працуе ў газеце “Звязда” і вучыцца на вячэрнім курсе літфака БДУ.

 

       У снежні 1932 года  партыйнае кіраўніцтва адклікае В. Таўлая назад у Заходнюю Беларусь, дзе ён працуе ў падпольным друку.  У 1934 годзе Таўлая зноў арыштоўваюць пры спробе перайсці ў Савецкую Беларусь. Паэта прыгаварылі да 8 гадоў зняволення, якое ён адбываў у Лукішках – галоўнай  Віленскай турме, потым – у гродзенскім астрозе.

 

       Пасля вызвалення Заходняй Беларусі працаваў у лідскай раённай газеце “Уперад”. У Вялікую Айчынную вайну - сувязны партызанскага атрада імя  Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Баранавіцкай вобласці, разведчык спецгрупы “Буравеснік”.

 

       Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам і намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Я. Купалы.

       Выступіў у літаратуры як паэт і ўдзельнік рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.  З’яўляецца  аўтарам паэм, зборнікаў паэзіі, літаратурна-крытычных і публіцыстычных матэрыялаў, перакладаў на беларускую мову творчасці рускіх паэтаў. Друкаваўся з 1928 года. Аднак першая кніга паэта была выдадзена пасля яго смерці. У В. Таўлая была цяжкая хвароба сэрца. Ён меў шмат задумаў  новых вершаў і паэм. Але              27 красавіка 1947 года сэрца таленавітага паэта перастала біцца. Памяць пра В. Таўлая ўшаноўваецца на радзіме і сёння. З 25 верасня 1979 года Баранавіцкая цэнтральная гарадская бібліятэка носіць імя паэта-земляка. У сярэдняй школе № 4 працуе народны літаратурна-краязнаўчы музей імя В. П. Таўлая.

 

Вуліцы майго горада