Вуліца Горкага
Вуліца Горкага ўзнікла ў другой палове ХІХ стагоддзя і з’яўляецца адной са старэйшых вуліц горада Баранавічы. Першапачатковая назва вуліцы – Аляксандраўская. У час Першай сусветнай вайны, калі горад быў захоплены нямецкімі войскамі, вуліца атрымала новую назву – Кайзервільгельмштрасэ, у гонар германскага кайзера Вільгельма ІІ. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавору Баранавічы сталі павятовым цэнтрам у складзе Польскай дзяржавы. У 1921 годзе гарадская адміністрацыя перайменавала вуліцу Аляксандраўскую ў Сенатарскую. Гэтую назву яна захавала да 1939 года. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР і ўстанаўлення савецкай улады ў горадзе вуліца атрымала назву Пралетарская. У час акупацыі горада нямецка-фашысцкімі войскамі вуліцу называюць Аптэчнай. Пасля вызвалення Баранавіч вуліца зноў становіцца Пралетарскай, а ў канцы 1947 года атрымала назву ў гонар рускага пісьменніка Максіма Горкага, якую носіць і цяпер.




