pcpi6

ПАМЯТНЫ ЗНАК ВЯЗНЯМ БАРАНАВІЦКАГА ГЕТА

  

 

МЕСЦА ЗНАХОДЖАННЯ: г. Баранавічы, скрыжаванне вул. Царука і Гагарына

 

ГОД УЗВЯДЗЕННЯ: 2002 г.

 

ГІСТАРЫЧНЫЯ ЗВЕСТКІ: да снежня 1941 г. на тэрыторыі г. Баранавічы было створана Баранавіцкае гета, абнесенае высокім, у тры рады, плотам з калючага дроту. На невялікай тэрыторыі лагера размяшчалася адначасова каля 15 тыс. жыхароў г. Баранавічы, а таксама яўрэі з пасёлкаў Гарадзішча, Новая Мыш, гарадоў Наваельня, Навагрудак. Сустракаліся ў гета яўрэі з Польшчы і Чэхаславакіі. Канчаткова ж гета размясцілася ў межах цяперашніх вул. Лісіна /былая Царкоўная/ і Гагарына /былая Віленская/. З поўдня на поўнач гета абмяжоўвалася вул. Багдановіча /раней Панятоўскага/ і Царука /раней Паркавая/.

 

За невялікі час існавання Баранавіцкага гета ў ім было праведзена тры масавыя акцыі знішчэння людзей. Першая акцыя праходзіла 4 сакавіка 1942 г. у полі паміж вёскамі Узногі, Глінішча, Грабавец. За дзень было знішчана больш за 3 тыс. жыхароў гета. Другая такая акцыя прайшла з 22 верасня па 2 кастрычніка 1942 г. Тады на працягу дзевяці сутак было забіта каля 5 тыс. чалавек. Апошняя акцыя знішчэння людзей – 17 снежня 1942 г. Пачынаючы з гэтага дня на працягу месяца было расстраляна 7 тыс. чалавек. За ўвесь час існавання Баранавіцкага гета было забіта 18 тыс. 750 чалавек.

гетто без тени

Да 60-годдзя трагічнай даты ў гісторыі Баранавічаў у снежні 2002 г. па рашэнні Баранавіцкага гарвыканкама на месцы, дзе праходзіла мяжа гета, на скрыжаванні вул. Царука і Гагарына быў адкрыты памятны знак ахвярам фашызму. Надпіс на металічнай пліце на вялізным валуне нагадвае, што гэта месца прасякнута слязамі тысяч людзей, якія чакалі тут, за калючым дротам, сваёй страшнай долі. Дванаццаць апаўшых кляновых лістоў з металу на валуне захоўваюць памяць аб 12 тыс. яўрэяў, якія згарэлі ў полымі вайны.

 

“Памяцi загiнуўшых” (аўдыёўрывак)

  

Аляксей Белы – “Памяцi загiнуўшых”

Без жалю гэта сёння не напішаш,

Ні кропак тут не хопіць і ні косак…

Было іх тут амаль пятнаццаць тысяч,

(Яўрэяў пазганялі нават з вёсак).

 

Жылі. І не чакалася бяды,

(Яўрэскія мястэчкі тут ад веку).

І вось – бы ў склепе зачынілі века -

Калючы дрот у цэлых два рады,

Квадратны метр жытла на чалавека.

 

…Хто меў карчму калісь, а нехта млын,

Хто вельмі здатна людзям шыў абутак.

І вось да гета з назвай “Сахалін”

Яны фашыстамі былі прыкуты.

 

Тут існавалі людзі – не жылі,

І ранкам немцы, зладзіўшы “пабудку”,

Нечалавечай працай занялі,

Не можаш працаваць – у душагубку.

 

“Шарварак” там ніхто не адбываў,

І ў цэхах задушных і пад небам,

А тым, хто гэтак цяжка працаваў –

На суткі – “цэлых” дзвесце грамаў хлеба.

 

Захопнікам прымушаны гадзіць,

З укладам звыклым назаўжды расстацца

Па тратуарах нельга ім хадзіць,

Грамадскім транспартам не карыстацца.

 

Не іх жыццё – а золата ў цане,

Але ж яму былі таксама межы…

І латкі на грудзях і на спіне,

Пазнака, да каго яны належаць.

 

То куля ім, то крэматорны дым,

Праз год іх тут ужо зусім не будзе.

Загінулі ўсе ў сорак другім За што? 

Яны былі такія ж Людзі!

 

Не ўпісаць ні ў які радок

Пра тое, як фашыст у нас шалее…

І надпіс на ўездзе ў гарадок

Наводзіць жах: “Свободно от евреев”.

 

За што людзей у магілу і турму,

Хто прагнуў вось такой забавы “свецкай”…

А можа( ды ці верыцца таму),

Што ідзіш так падобны да нямецкай?..

 

Няшмат на іх шляху было дарог,

Але й фашыстам – кулі і праклёны.

На пражках надпіс мелі “З намі Бог”,

Якому ж богу біліся паклоны?

 

…У скверах птушак на світанку спеў,

Чаруе радасць і жыццё Прыроды…

Мы помнім, хто нявінна пацярпеў

І кветкі каля помнікаў – заўсёды! ..

 

 

< У пачатак  

Joomla Plugins