ПОМНІК ВОІНАМ-АЎТАМАБІЛІСТАМ
МЕСЦА ЗНАХОДЖАННЯ: г. Баранавічы, Усходні мікр-н, скрыжаванне вул. Цыялкоўскага і Тэльмана
ГОД УЗВЯДЗЕННЯ: 1984 г.
ГІСТАРЫЧНЫЯ ЗВЕСТКІ: усе баявыя аперацыі Вялікай Айчыннай вайны непарыўна звязаны з шырокім выкарыстаннем аўтамабільнага транспарту. На долю франтавікоў-аўтамабілістаў выпала адна задача – як мага больш перавезці грузаў на перадавыя рубяжы нашых войскаў.
Данінай памяці воінам 18-й аўтамабільнай брыгады, якая ўдзельнічала ў вызваленні Баранавічаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стаў памятны знак воінам-аўтамабілістам.
Асколкам нямой памяці застыў на пастаменце ЗІС-5 – брат некалі легендарнага транспартнага аўтамабіля Чырвонай Арміі, выпушчаны ў далёкім 1945 г. Прыбыў з невялікага г. Дзімітраўграда Ульянаўскай вобл. Расіі. Праехаўшы 1800 км. сваім ходам пад кіраваннем вадзіцеля-ветэрана, аўтамабіль навечна застаўся на пастаменце як напамін гараджанам аб воінах-аўтамабілістах, вызваліцелях Баранавічаў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў.
ЗІС-5 атрымаў такую назву таму, што з 1933 па 1948 гг. выпускаўся на аўтамабільным заводзе імя Сталіна. Вадзіцелі называлі свайго баявога сябра “трохтонка”, “Захар Іванавіч”. Гэты грузавік атрымаў найбольшае распаўсюджванне ў войсках у першыя два самыя цяжкія гады вайны. Прыйшоўшы на ваенную службу з народнай гаспадаркі краіны, пасля мабілізацыі аўтамабіль стаў сапраўдным паплечнікам воінаў Чырвонай Арміі.
18-я аўтамабільная брыгада, якая ўдзельнічала ў вызваленні горада, была ўдастоена высокага гонару – узнагароджана за заслугі перад Радзімай ардэнамі Чырвонага Сцяга і Кутузава II ступені.
"Монолог памятника “Автомашина" (аўдыёўрывак)




