pcpi6

МЕМАРЫЯЛЬНЫ КОМПЛЕКС
“УРОЧЫШЧА ГАЙ”

 

МЕСЦА ЗНАХОДЖАННЯ: заходняя ўскраіна г. Баранавічы

 

ГОД УЗВЯДЗЕННЯ: 1972 г.

 

ГІСТАРЫЧНЫЯ ЗВЕСТКІ: у ходзе нямецка-фашысцкай акупацыі захопнікі, вырашаючы “яўрэйскае пытанне”, вялі ў г. Баранавічы знішчэнне не толькі мясцовых, але і прывезеных з Мінска, Чэхаславакіі, Германіі, Польшчы і Аўстрыі яўрэяў.

 

У канцы чэрвеня 1942 г. на ст. Баранавічы-Палескія ў спецыяльных эшалонах былі прывезены чэхаславацкія грамадзяне /пераважна інтэлігенцыя/. Прывезеным прапанавалі пакінуць усе свае рэчы і сесці ў машыны. Пад выглядам абеду іх вывезлі з горада на адлегласць 2-х км. ва ўрочышча Гай і расстралялі.

 

Загубленыя былі вязнямі канцлагера Тэрэзіенштадт. Гэта нацысцкі канцэнтрацыйны лагер, утвораны ў лістападзе 1941 г. на базе турмы гестапа на тэрыторыі былога гарнізоннага г. Тэрэзін у Чэхіі. За гады вайны сюды трапілі каля 140 тыс. чалавек /сярод іх 15 тыс. дзяцей/. 31 тыс. вязняў загінула. 88 тыс. вязняў былі дэпартыраваны ў Асвенцым і іншыя лагеры смерці.

 

Баранавіцкія ўлады ў канцы 1960-х гадоў прынялі рашэнне ўсталяваць на месцы расстрэлу чэхаславацкіх грамадзян мемарыяльны знак. Але маштабы трагедыі прымусілі аўтарскі калектыў, які працаваў над яго праектам, стварыць цэлы ансамбль.

 

Будаўніцтва мемарыяла працягвалася з 1969 па 1971 гг. Аўтары – архітэктары М. Мілавідаў, А. Марэніч, А. Макараў, скульптар М. Альтшулер. Адкрыццё адбылося 24 чэрвеня 1972 г.

 

Адкрывае мемарыяльны комплекс сімвалічны “Парог жыццягай і смерці” – бетонная пліта, рассечаная зігзагападобнай лініяй. Фактура бетону стварае ўражанне слядоў, пакінутых людзьмі, пераступіўшымі парог быцця. Парог жыцця і смерці – гэта музыка ў камені, якая пераходзіць у крык праклёну катам, што рвецца з сэрца.

Дамінанта мемарыяла – 2 пілоны, якія ўверсе змыкаюцца, утвараючы арку – сімвалічныя вароты канцлагеру. На пілоны падвешаны 2 званы, якія, судакранаючыся з дапамогай шарніраў, рэагуюць на подых ветру. Унізе на арцы – барэльефы з выявай мноства рук, узнятых і сціснутых у пратэсце, болі, адчаі. Ад галоўнага манумента ўздоўж магілы ўглыб лесу вядуць дзве сцежкі да сімвалічнага “эшафота”: пліты з надпісам: “Тут у чэрвені 1942 г. нямецка-фашысцкія захопнікі па-зверску расстралялі 3 тыс. чэхаславацкіх грамадзян” /на рускай і чэшскай мовах/.

 

Завяршае комплекс сімвалічная “Сцяна расстрэлу” з бутавых камянёў па колькасці загінуўшых. На замацаваных на “сцяне” плітах з гранітнай крошкі надпіс на рускай і чэшскай мовах: “Светлай памяці чэхаславацкіх братоў”. З процілеглага боку мемарыяльнага комплексу, насупраць сімвалічнага парогу, усталяваны тры бутавых камяні як сімвал 3-х тыс. загінуўшых.

 

 

"Урочышча Гай" (аўдыёўрывак)

  

Таццяна Яцук - “Урочышча Гай”

Шумяць лясы, застыў маўкліва помнік,

А памяць небакрай тугой кранае,

Мы помнім Вас, вы чуеце, мы помнім!

І роспач ахінае болем гаю.

 

Тры валуны, тры пакаленні лёсаў:

Сівая старасць, сталасць і маленства.

Цягнік спыніўся. Гаеўскія росы

Не бачылі такіх шалёных зверстваў.

 

Бесчалавечнасць ворагаў бязмежна,

Неадэкватнасць той фышысцкай зграі.

Інтэлігенты з дальняга замежжа

Шагнулі ў вечнасць тут, у гэтым гаі.

 

Яны хацелі развіваць навуку,

Дзяцей выхоўваць і купацца ў шчасці.

Любіць і песціць бесклапотна ўнукаў,

Не ведаючы гора і напасці.

 

Спяшацца пасля працы на спатканне,

Каханым кветкі і цяпло дарыць,

Дзень сустракаць усмешкай на світанні,

Яны хацелі проста годна жыць.

 

Гады прайшлі, шумяць бярозы, сосны,

Суніцы спеюць у нязмятых травах,

Буйняцца, як заўсёды, ранкам росы:

Закон жыцця інакш не мае права.

 

І цішыня… Ад цішыні нямею…

Валун, сцяна, парог жыцця і смерці

Ды помнік: рукі ў неба, як надзея,

З гісторыі той страшны дзень не сцерці.

 

Калі няўдачы стукаюцца ў дзверы,

І ад пакут схавацца немагчыма.

Баранавічы. Гай. Апошні бераг…

Малітвы ў сне прыходзяць за Айчыну.

 

 

 

< У пачатак  

Joomla Plugins