pcpi6

Помнік Героям Беларусі

Андрэю Нічыпорчыку і Мікіце Куканенка

 

nichiporchik kokonenko

 

 

19 мая 2020 года ў небе над Баранавічамі раптоўна згубіў кіраванне і пачаў падаць у бок жылых дамоў вучэбна-баявы самалёт Як-130. Машынай кіраваў экіпаж у складзе маёра Андрэя Нічыпорчыка і лейтэнанта Мікіты Куканенка. Афіцэры змаглі адвесці самалёт ад жылых дамоў. Катапульціравацца пілоты не паспелі і ў выніку авіякатастрофы загінулі. За мужнасць і гераізм пры выкананні воінскага абавязку Указам Прэзідэнта лётчыкам пасмяротна прысвоена званне “Герой Беларусі”.

20 мая 2021 года на месцы трагедыі адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка ў гонар загінуўшых лётчыкаў. Мемарыял уяўляе сабой каваную скульптуру двух накіраваных у неба жураўлёў з контурам самалёта ў цэнтры. Кампазіцыя сімвалізуе ўлюбёных у неба лётчыкаў-прафесіяналаў і сум родных і блізкіх аб Героях Беларусі, якія навечна засталіся ў мірным небе. Ідэя памятнага знака належыць маёру Аляксандру Чарнышову,  які служыў у 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе. Сам мемарыял выканалі спецыялізаваныя прадпрыемствы Баранавіч пад кіраўніцтвам галоўнага архітэктара горада Віталія Палуянчыка. Каваныя журавы выкананыя Мікалаем Траяновічам. Подзвіг герояў не будзе забыты. Аб гэтым сведчыць надпіс на помніку: “Назаўсёды ў мірным небе…”.