Рыгор Фёдаравіч Нагорны
(05.12.1925–03.11.1963)
шафёр
Кавалер ордэна Славы

Рыгор Фёдаравіч Нагорны нарадзіўся ў в. Пранчакі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Памагаў бацькам у вядзенні асабістай гаспадаркі. Атрымаў сярэднюю адукацыю. У Чырвонай Арміі з верасня 1944 г. Кулямётчык 1350-га стралковага палка Рыгор Нагорны 21 студзеня 1945 г. у баю на подступах к гораду Тютц непрыкметна падабраўся к варожаму дзоту і закідаў яго гранатамі, забяспечыўшы рух наперад сваіх падраздзяленняў. У гэтым баю асобна знішчыў двух і ўзяў у палон трох немцаў. 21 студзеня 1945 г. адразу пасля боя Рыгор Нагорны быў узнагароджаны ордэнам Славы 3-й ступені. 26 лютага 1945 г. у баі за важны населенны пункт знішчыў два кулямётных пункты праціўніка і 10 гітлераўцаў. За гэты подзвіг баец атрымаў ордэн Славы 2-й ступені. У баі за горад Штадгард з 1па 5 сакавіка 1945 г. Рыгор Нагорны адбіў некалькі варожых котратак, знішчыў каля 20 фашыстаў і два разлікі станковых кулямётаў, за што быў прадстаўлены к ордэну Славы 1-й ступені. У 1948 г. Рыгор Фёдаравіч Нагорны дэмабілізаваўся. З 1948 па 1956 гг. працаваў настаўнікам фізічнай культуры ў школе, старшынёй Дараўскага сельскага савета, падатковым інспектарам у Ляхавіцкім райфо. У 1956 г. пераехаў у г. Баранавічы, дзе працаваў шафёрам на аўтабазе. Трагічна загінуў 3 лістапада 1963 г. пры выкананні службовых абавязкаў, пахаваны на могілках па вуліцы Загарадняй г. Баранавічы. Узнагароджанны медалямі.




