ДУК "Цэнтралізаваная бібліятэчная
сістэма г. Баранавічы"

pcpi3

Дзецям і іх бацькам

det

 

image001

Валянцін Таўлай – адметная і непаўторная постаць у беларускай літаратуры, з высокай чарады тых, каго мы лічым людзьмі легендарнымі. Ён належаў да таго маладога пакалення былой Заходняй Беларусі, якое амаль з дзяцінства было ўцягнута ў рэвалюцыйную барацьбу. 
 Паэтычны радок Валянціна Таўлая бярэ сваю моц з нашай зямлі. Нарадзіўся будучы паэт у Баранавічах 8 лютага 1914 года ў сям’і служачага чыгуначніка. Аб тым, што ён з’явіўся ў гэты свет не ў самы лепшы час, гаворыць ужо сама дата нараджэння: 1914 год. Гэта пачатак першай сусветнай вайны, якая для нашых мясцін мела асабліва трагічныя наступствы, бо тут праходзіла лінія фронту. Тысячы сем’яў сталі бежанцамі. Вярнуўшыся яны засталі толькі разбураныя сядзібы. Не абмінуў гэты лёс і сям’ю Таўлаеў. Да таго ж, у 1920 годзе ў Зэльве, дзе яны знайшлі часовае прыстанішча, памірае ад халеры маці, пакінуўшы сіратамі двух сыноў: Валянціна і Шуру. Перачакаўшы тут зіму, пераязджаюць Таўлаі на радзіму бацькі, Паўла Дзям’янавіча. 
Тут, у вёсцы Рудаўка Слонімскага павета, памершую маці замяняе дзецям бабуля – простая непісьменная вясковая жанчына. Гэта дзякуючы яе працавітасці і цярплівасці выжылі яны ў той галодны час, калі асноўнай ежай былі маладая крапіва ды рэдкая зацірка.
Тым часам Павел Дзям’янавіч уладкоўваецца на працу ў Ліду, каб на заробленыя грошы адбудаваць хату. Сюды ён праз год забірае Валянціна: прыйшла пара вучыцца. Першай навучальнай установай была гарадская польская школа. Вучань ён быў на дзіва здатны, па сваім развіцці на многа апераджаў іншых вучняў, але быў пастаянным аб’ектам насмешак: за свой беларускі акцэнт, за свой знешні выгляд, нават за сваю мару стаць “інжынерам шляхоў”. Нялёгка яму было сярод сынкоў польскіх чыноўнікаў. Але з цягам часу ён дабіваецца павагі да сябе здольнасцямі да навукі, а аднойчы і зусім здзівіў сваіх аднакласнікаў. Настаўніца выклікала яго да дошкі і зачытала перад усім класам некалькі вершаў, напісаных па-польску. Затым пахваліла і сказала: “Добра, пішы, можа некалі будзеш сапраўдным паэтам”.
У 1924 годзе бацьку канчаткова звальняюць з працы (як непаляка) і ўся іх сям’я, а Павел Дзям’янавіч незадоўга перад гэтым жаніўся, вяртаецца ў Рудаўку. Валянцін працягвае вучыцца у польскай школе ў суседняй вёсцы, а бацька яго ўсё больш і больш уцягваецца ў грамадскае жыццё: уступае ў Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду, арганізуе сялян на змаганне за сваю, беларускую школу. Свае погляды, жыццёвыя прынцыпы ён стараецца перадаць старэйшаму сыну. Аднойчы Валянцін пачуў ад яго такі наказ: “Не чурацца свайго. Нашы дзяды і прадзеды – беларусы… значыцца і ты павінен быць беларусам і на кожнае пытанне аб нацыянальнасці – называць гэтае імя.”
Кіруючыся гэтым бацькоўскім запаветам Валянцін Таўлай адстойваў права называцца беларусам у час вучобы ў Слонімскай дзяржаўнай польскай настаўніцкай семінарыі, экзамены ў якую ён здаў на выдатна і нават атрымаў магчымасць вучыцца за казённы кошт. Яго настойлівае патрабаванне запісаць у класны журнал, што яго нацыянальнасць беларуская і родная мова таксама, закончылася пазбаўленнем стыпендыі, а з гэтай прычыны і немагчымасцю вучыцца ў гэтай навучальнай установе.
Наступным значным перыядам яго жыцця стала вучоба ў Віленскай беларускай гімназіі. Але да гэтага ён перажыў арышт бацькі ў час разгрому Грамады. У сэрцы яго разгарэўся гнеў за тысячы вязнеў, кінутых за краты польскіх турмаў. І ў той жа час гонар за тых, каго не зламалі рэпрэсіі, хто прадаўжаў пачатую вызваленчую справу. Талент трынаццацігадовага паэта адклікаецца на ўсе гэтыя падзеі вершамі, змест якіх уражвае сваёй даросласцю.
Перад тым, як паступіць у Віленскую гімназію Валянцін самастойна вывучае беларускую граматыку, правапіс, гісторыю, геаграфію, знаёміцца з творамі Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і інш. У гэты ж час піша вершы, на многіх з іх адбітак уплываў Багдановіча, Купалы.
У Віленскай гімназіі ён хутка знаходзіць сваіх аднадумцаў, адразу ж уліваецца ў бурлівае грамадскае жыццё моладзі: уступае ў падпольную камсамольскую арганізацыю, удзельнічае ў дэманстрацыях, распаўсюджвае лістоўкі, піша рэвалюцыйнага зместу вершы. У час суда над кіраўнікамі Грамады значнай падзеяй у жыцці студэнцкай моладзі стала яго паэма “Непераможная”. Яе чыталі на сходках, перадавалі з рук у рукі. Ён звяртаўся да зняволеных грамадаўцаў са словамі падтрымкі:
Брацця! За кратамі цесных астрогаў,
Брацця, не падайце духам!
Вашыя воклічы з лёту ўдалога
Будуць лунаць завірухай!
Трывожны час у грамадскім жыцці Заходняй Беларусі як у люстэрку адлюстроўваўся ў падзеях, што адбываліся ў гімназіі: былі забаронены шматлікія вучнёўскія гурткі, секцыі, часопісы, што выдаваліся вучнямі на шапірографе. Забаранілі ладзіць спектаклі, вечары, чытаць вершы, рэфераты… Але найбольшым ударам па студэнцтву стала выключэнне найбольш актыўных у грамадскім жыцці вучняў-камсамольцаў. У адказ забаставала ўся гімназія. Адным з арганізатараў акцыі пратэсту быў Валянцін Таўлай, за што быў схоплены разам са сваімі сябрамі. Усяго арыштавалі больш 50 вучняў. Усіх іх збілі, адправілі ў турму, а пасля выключылі з гімназіі.
Апынуўшыся зноў у вёсцы, Валянцін працягвае падпольную работу. Пасля адной сходкі, жнівеньскім ранкам 1929 года, па даносу правакатара ён быў зноў арыштаваны. Вось з гэтага часу і пачалі з’яўляцца пад яго вершамі подпісы: “Слонім, астрог”, “Гродна, астрог”, а пазней дабавяцца “Лукішкі”, “Ліда, турма”. Менавіта тады ляглі на паперу радкі:
…Дарога мая напаткнулася ўчора на шэрыя сцены турмы…
Першае суровае выпрабаванне загартавала песню Таўлая, але ў той жа час, прабудзіла ў яго душы лірычную струнку, дзякуючы якой нараджаліся за мурамі астрогаў шчырыя радкі.
10 месяцаў цягнулася следства па справе маладога Таўлая. Дзякуючы абароне прагрэсіўнага адваката Дурача, ён выйшаў на волю, але пагроза новага арышту існавала, паколькі прыгавор быў абскарджаны пракурорам. За той час, што прабыў Валянцін на волі ён паспеў паспяхова здаць экзамены ў Навагрудскую беларускую гімназію, яго прынялі адразу ў старэйшыя класы. Але доўга вучыцца тут ён не змог. Каб не апынуцца за кратамі ізноў, у кастрычніку 1930 года ён нелегальна пераходзіць мяжу Савецкай Беларусі. Так пачынаецца новы, вельмі важны перыяд яго жыцця і творчасці.
Два гады прабывання Валянціна Таўлая ў Мінску былі для яго суцэльнай паласой маладога шчасця, кахання, кіпучай працы, вучобы. Ужо толькі сам той факт, што сямнаццацігадовы юнак быў прыняты на сталую работу ў рэдакцыю газеты “Звязда” – ды не проста пасыльным, а баявым газетчыкам, які пісаў палемістычныя артыкулы, аналізаваў замежную прэсу, чытаў лекцыі аб Заходняй Беларусі – гаворыць аб тым, што яго ўспрымалі як вопытнага аўтара, чалавека з сур’ёзнай палітычнай падрыхтоўкай. Асабліва шчаслівы быў Валянцін Таўлай ад магчымасці сустрэч з жывымі класікамі нашай літаратуры: Янкам Купалам, Якубам Коласам і інш. Прыносіла радасць і вучоба ў Белдзяржуніверсітэце. Вялікай падзеяй у жыцці стаў дзень прыняцця ў члены БелАПП – 10 мая 1931 года.
Але ў Мінску, Валянцін Таўлай увесь час думкай і парываннямі жыў разам са сваімі таварышамі па барацьбе, разам з падняволенай зямлёй, што чакала яго вяртання і мужнай песні. У снежні 1932 года Таўлая, ужо як члена КПЗБ, накіроўваюць на падпольную работу ў Варшаву. Асноўным плёнам яго працы ў тыя гады было выданне легальнай “Беларускай газеты” і згуртаванне вакол яе таленавітай моладзі. Удалося наладзіць выданне спачатку “Літаратурнай старонкі” да гэтай газеты, а затым і часопіса. Па ягонай ініцыятыве адбыўся І з’езд пісьменнікаў Заходняй Беларусі.
Неўзабаве рэдакцыі “Беларускай газеты”, “Літаратурнай старонкі” былі разгромлены віленскай дэфензівай. Навісла пагроза арышту над Валянцінам Таўлаем. Кіраўніцтва падполля прымае рашэнне вярнуць яго ў Мінск. Але, пераходзячы мяжу разам з пісьменнікам і таварышам па змаганню Якубам Міско, ён трапляе ў рукі паліцыі. З гэтых першых дзён студзеня 1934 года пачынаецца шматгадовая паласа турэмных мук паэта. За кратамі нараджаліся і новыя вершы. Ва ўмовах, калі агрызак алоўка лічыўся крамолай – за яго садзілі ў карцар, на галодны паёк, нават маглі завесці новую справу – В. Таўлаю даводзілася трымаць іх у памяці. Потым некаторыя з іх усё ж занатоўваліся на паперы і перадаваліся з нагодай на волю. Іншыя траплялі на старонкі рукапіснага часопіса “Краты”, заснаванага ў Лукішках Максімам Танкам. Насуперак усяму, зняволеная паэзія жыла.
Па творах Валянціна Таўлая можна, бадай, вывучаць жыццё тагачаснага польскага астрога. Аўтар апісаў цесную “душную” камеру і шпацыр; паказаў як выбівалі “прызнанні” ў арыштаваных і як скрушна маладой гарачай душы кінутай за краты, засведчыў як улады голадам імкнуліся зламаць дух вязняў. Шмат канкрэтных дакладных рэалій турэмнага жыцця ўвабралі паэмы “Песня пра сухар” і “Таварыш”, што нарадзіліся адпаведна ў 1935 і 1936 гг. Апошнюю А. Куляшоў назваў у свой час сярод лепшых твораў года. Стрымана, лаканічна і разам з тым кранальна-балюча гаворыць паэт у сваіх творах пра дні, месяцы, гады свайго героя ў турме. “Закратныя” (і па тэме, і па месцы напісання) паэмы Таўлая, здаецца, не маюць аналагаў у беларускай паэзіі. Нездарма творы яго стараліся вынесці па-за турэмныя сцены, каб даць волю словам і думкам паэта.
А самому Валянціну Таўлаю давялося сустрэць свабоду толькі ў верасні 1939 года, калі Заходняя Беларусь імклівым наступам з усходу была далучана да савецкай Беларусі.
Мірнае жыццё паэта тыя няпоўныя два гады перад вайной прайшлі ў Лідзе. Сюды, спрадаўшы гаспадарку ў вёсцы перабраўся, бацька, натуральна, што і сам Валянцін пасля гродзенскага астрогу падаўся бліжэй да цёплага бацькоўскага кута. Там ён пачынае працаваць у раённай лідскай газеце “Уперад”. Але асноўнай яго працай, вельмі напружанай, што кожны дзень чакала яго дома, за рабочым сталом было ўзнаўленне з памяці свайго паэтычнага набытку, сваіх твораў, якія прасіліся ў свет. Мара аб выданні кнігі вершаў перарастае ў тытанічную працу па перагляду, дапрацоўцы твораў напісаных раней. З кожным днём набліжалася здзяйсненне мары…
Але лёс не быў літасцівы і да Таўлая, і да яго вершаў. Напачатку Вялікай Айчыннай вайны загінулі рукапісы новых твораў, што з’явіліся ў савецкі час. Ходзячы ўсе тры гады нямецкай акупацыі па лязе брытвы (быў разведчыкам, па заданні партызанскага атрада працаваў у нямецкіх установах), паэт зрабіў у некалькіх экзэмплярах рукапісны зборнік вершаў і аддаў на захаванне таварышам. Гэты зборнік меў сімвалічную назву “Шляхі і краты”.
Прадчуванне не абманула падпольшчыка. Восенню 1943 года ён быў арыштаваны разам з сям’ёй бацькі. У тую вераснёўскую ноч, у Лідзе, па загаду гэбітскамісара горада, стрыечнага брата Кубэ, было схоплена 400 чалавек (фашыст помсціў за забітага родзіча). Большасць гэтых людзей, у тым ліку бацька і мачыха В. Таўлая, трапілі ў лагер смерці Асвенцым. Валянціна і яго сястру ўдалося намаганнямі сяброў і блізкіх выбавіць з няволі.
Вызваленне прыйшло ў ліпені 1944 года. Валянцін Таўлай жыў тады з сям’ёй у Навагрудку. У першыя ж дні ўзяўся за аднаўленне гарадской друкарні. Працаваў сакратаром рэдактара раённай газеты “Звязда”. З вялікай радасцю прыняў запрашэнне жонкі Купалы Уладзіславы Францаўны прыехаць у Мінск і супрацоўнічаць у арганізацыі музея народнага паэта. Таўлай стаў натхнённым шукальнікам купалаўскіх скарбаў, заняўся даследчыцкай работай па творчасці песняра. І ў той жа час рыхтаваў да выдання кнігу свайго выбранага… І яшчэ адна шчаслівая падзея адбываецца ў ягоным жыцці: на свет з’яўляецца дачушка Галінка.
Планы і задумы перакрэслівае хвароба. Турма, карцэры, галадоўкі падкасілі яго здароўе. Ён пакінуў гэты свет зусім маладым. 27 красавіка 1947 года беларуская літаратура страціла таленавітага і арыгінальнага паэта, публіцыста, даследчыка літаратуры, крытыка, перакладчыка.
Імя В. Таўлая прысвоена цэнтральнай гарадской бібліятэцы г. Баранавічы. Яго імя носяць вуліцы ў Баранавічах, Лідзе, Маладзечне, Слоніме, у вёсках Ганькі, Жыровічы Слонімскага раёна. Народны літаратурна-краязнаўчы музей імя В. Таўлая дзейнічае ў СШ № 4 г. Баранавічы. У Маладзечна на будынку, дзе знаходзіўся пад следствам арыштаваны польскімі ўладамі В. Таўлай, устаноўлена мемарыяльная дошка. У Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы ўстаноўлены бюст паэта.

Метадычны веснік

bibliagazeta

Книга в городе

kniga6

Букер экспрэс

buker

dss